2020

Як ўсё пачалося

Упершыню пікнік адбыўся ў 2020 годзе ў парку Беднарскегa — невялікі, лакальны, але цёплы і поўны ўсмешак. Пачалі справу дзве беларускі — Яна і Каця — з шчырага энтузіязму і добрасуседства. Ідэя прыйшла раптоўна праз недахоп беларускага асяроддзя ды мясцовых сяброў.

Пікнік праводзілі на пледах, паміж гэтымі ж пледамі і знаёміліся. Тады ў парку нават не было дзіцячай пляцоўкі, таму забавы для дзетак ладзілі самі. Тады мы зразумелі, што Пікнік — унікальнае свята праз людзей, што робяць яго бескаштоўна, шчыра ды для ўсіх.

Гісторыя LTCN – 2020
2021

Пераязджаем на курган

Ужо ў 2021 годзе каманда пашырылася, і мы сабраліся на сапраўдным кургане з відокам на Кракаў — танчылі, спявалі, знаёміліся, бавілі час і сустракалі захад сонца разам. Арганізацыйных момантаў было больш, але і асалоды таксама. Мы ўпершыню паставілі сцэну для музыкаў, арганізавалі майстар-класы, абмен рэчамі ды мноства іншых забаў для супольнасці.

Гісторыя LTCN – 2021
2022

Расцем і шырымся

У 2022 мы ўпершыню сустрэліся ў вялікім, класным парку Jordana. Нас з вамі было амаль 2000 чалавек — яркіх, вясёлых, дзейных, прыгожых, з сябрамі і сяброўкамі, сям’ёй, хатнімі любімцамі. На сцэне гралі Shuma і Dlina Volny, а мы ўсе бавілі час на кірмашы і фудкорце, якія з’явіліся на нашым фестывале ўпершыню.

За гэтыя два гады Пікнік вырас і палюбіўся гасцям, а мы не здраджвалі сваім прынцыпам — рабіць як для сябе, рабіць бясплатным, рабіць нават калі стаміліся — бо ўсім нам трэба шчырае свята пасярод будняў.

Гісторыя LTCN – 2022
2023

Новая каманда арганізатарак

У 2023 г. Пікнік змянiў асноўных арганізатарак — тры дзяўчыны, якія валанцёрылі на мінулых фестывалях, узялі на сябе адказнасць арганізаваць новы, ды з новым імпэтам і размахам правялі свята. Менавіта тады Пікнік займеў назву Letucień. Для нас гралі РСП, Іва Саціва і AnaMova, на фудкорце з’явіліся новыя пачастункі, прайшла афтэрпаці з арганізатарамі, валанцёрамі і гасцямі.

Гісторыя LTCN – 2023
2024

5000 гасцей ды 5000 дранікаў

Летась пікнік вырас яшчэ больш — далучыліся госці з розных мясцін: ад роднай Беларусі да розных гарадоў Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Нідэрландаў, Чэхіі. Па нашым сціплым падлікам, нас было ўжо больш за 5000. На свята завітвалі і нашыя мясцовыя сябры і сяброўкі з Польшчы ды Украіны, бо свята для ўсіх.

Мы разам слухалі РСП ды Leibonik, елі дранікі ды блінчыкі і пілі гарбату ды ліманады, адукоўваліся з АйЦі Барадой ды Зояй Прышывалка, бавілі час на новай этна-пляцоўцы. Цягам дня мы набывалі і прадавалі ручныя вырабы на кірмашы, бегалі з мячом на полі, танчылі пад дыджэяў і лайв-выступоўцаў, натхняліся мастацтвам — і на месцы, і нават у віртуальнай прасторы.

Гісторыя LTCN – 2024
2025

Разам насуперак

Вялікі парк з пышнымі дрэвамі, гоман і смех, знаёмыя, якіх даўно не бачыў, твая любімая музыка, што льецца са сцэны, пах дранікаў ды кавы — і бясконцае лета. Гэта — нашая агульная мара на Letucień 2025. Мы запрасілі РСП і Domsun, Kriwi ды Zui, Nemiga на галоўную сцэну, Papa Bo Selektah і Mustelide на DJ пляцоўку. За пачастункі будуць адказваць усімі любімыя Krapacheese і Naleśniki Razem, а частаваць гарбатай — Чайная пошта. Апроч музыкі ды пачастункаў на Пікніку будуць: кірмаш, этна-стрэфа, адукацыйная пляцоўка, арт-выстава, спартыўныя гульні і нават псіхалагічны куточак.

Мы праводзім Пікнік выключна за данаты і асабістыя сродкі, таму ты заўсёды можаш набыць сімвалічны квіток і падтрымаць нас такім чынам.

Падтрыманне

Фестываль арганізуецца дзякуючы больш як 100 валанцёрам. Усе сабраныя сродкі ідуць на арганізацыю пікніка, а ўваход на фестываль — бясплатны. Дзякуем за тваю падтрымку!

падтрымаць LTCŃ

Media Kit

Спампаваць